Email: office@yourdomain.com
Phone:: +44 20 7240 9319
back to top

Blog

Першая кніга пра Асмалоўку

osmolovka-album-v3Будзьма гараджанамі: дамы і мары Асмалоўкі

Кампанія “Будзьма беларусамі!” выдала кнігу Сяргея Харэўскага “Асмалоўка: дамы і мары”, прысвечаную першаму пасляваеннаму кварталу, лёс якога цяпер у небяспецы.

Асмалоўка — куток пасляваеннага Мінска ў самым цэнтры горада, абмежаваны вуліцамі Багдановіча, Кісялёва, Куйбышава і Камуністычнай. Фактычна, гэта першы элітны мікрараён пасляваеннай сталіцы, забудаваны па тыпавым праекце. Тут жылі вайскоўцы, артысты Тэатра оперы і балетуа работнікі міністэрстваў, прафесура. Дзіва, але двухпавярховыя катэджы Асмалоўкі і цяпер захоўваюць атмасферу таго Мінска, які з’явіўся на мапе горада адразу пасля вайны. Ці не цуд гэта? У беларускай сталіцы засталося вельмі мала такіх месцаў…
На старонках кнігі чытач пазнаёміцца з самымі значнымі момантамі з 70-гадовай гісторыі Асмалоўкі, адкрые для сябе імёны яе стваральнікаў і знакамітых жыхароў. Багаты на гістарычныя цікавосткі тэкст Сяргея Харэўскага аздоблены яскравым дызайнам Віталя Раковіча.

Асмалоўка дагэтуль не мае статуса гісторыка-культурнага помніка, таму неаднаразова над ёй навісала пагроза зносу. Не знікае яна і цяпер – гарадскія ўлады раглядаюць квартал як чарговую пляцоўку для інвестараў, не звяртаючы ўвагі на яго ўнікальную атмасферу і гісторыю. Цяпер вакол квартала з мясцовых жыхароў і мінчукоў стварылася нефармальная грамадзянская суполка, якая выступае ў абарону Асмалоўкі.
Адзін з яе стваральнікаў, гарадскі актывіст Андрэй Эзерын, адзначае: “У нас шмат сяброў па-за межамі Асмалоўкі — многім мінчукам сёння не варта тлумачыць, чаму раён павінен застацца на мапе Мінска. Мы ўдзячныя ўсім за дапамогу і спадзяемся, што наш грамадскі досвед стане добрым узорам. Часам я чую: “Вам, асмалоўскім, пашанцавала і з месцам, і з жыхарамі — яны свядомыя і энергічныя”. Тады я кажу, што пры моцным жаданні можна зрабіць знакамітай і звычайную хрушчоўку. Хочаш жыць лепш — не сядзі “ў тэлевізары”, а ідзі да людзей”.

Новая кніга “Асмалоўка: дамы і мары” адметная тым, што гэта першае выданне ў найноўшай гісторыі Беларусі, прысвечанае гарадскому кварталу. А яшчэ гэта частка акцыі па абароне гістарычнага раёна горада, і арганізатары кампаніі “Будзьма беларусамі!” спадзяюцца, што гэтая акцыя, як і выданне кнігі, стануць прыкладам грамадскай адказанасці гараджан, практычнага ўвасаблення любові да роднага горада і захавання яго культуры.